Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.
Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.